Ашмянскi iнсургент, нацыянальны герой Грэцыi
Автор: Алина Санюк
Источник: Ашмянскi веснiк. – 2010. – 24 лiп. (№ 56). – С. 5. – (Наша спадчына).
Усё пачалося з тэлефоннага званка ў рэдакцыю. Званок гэты быў з Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, супрацоўнікі якой запрасілі калектыў рэдакцыі прыняць удзел у пасяджэнні навуковага кафэ, прысвечанага нашаму слаўнаму земляку, ураджэнцу вёскі Балванішкі (Зялёны Бор) Зыгмунту Мінейку. У сталіцу рашылі “дэлегіраваць” мяне, на што я адразу згадзілася, бо асоба гэтага цікавага і надзвычай таленавітага беларуса ніколі не давала мне спакою, хацелася сабраць аб ім як мага больш інфармацыі. І вось, як кажуць, шчаслівы выпадак сам прыйшоў у рукі.
На сустрэчу ў навукова-тэхнічную бібліятэку я адправілася разам з супрацоўніцай краязнаўчага музея Веранікай Рэмізевіч. Прыехаўшы на месца, былі рады сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Лузінай, якая не магла прапусціць такога мерапрыемства. Прадстаўнік аб’яднання грэкаў на Беларусі Дзельянідзі Рафаэль нават пажартаваў: “Ашмянская дыяспара сёння ў вялікім складзе!”
На правах гаспадыні пасяджэнне адкрыла дырэктар Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Раіса Сухарукава, якая прадставіла ўдзельнікаў сустрэчы і пазнаёміла з праграмай мерапрыемства. Загадчыца аддзела інформацыйна-рэкламнай работы Таццяна Лычагіна падрабязна спынілася на рабоце навуковага кафэ, на тых асобах, якім былі прысвечаны пасяджэнні. А гэта такія вядомыя на Беларусі людзі, як Якуб Наркевіч- Ёдка — вынаходнік электраграфіі і бесправадніковай перадачы электрычнага сігналу, Ігнацій Дамейка – народны герой Чылі, даследчык яе прыродных багаццяў, Аляксандр Чыжэўскі – заснавальнік геліябіялогіі, Аляксандр Скірмунт – зрабіў першае ў Беларусі запатэнтаванае навуковае адкрыццё: вынайшаў прыстасаванне для выпарвання цукровых сіропаў на плоскай паверхні ( раней гэта працэдура займала каля пяці гадзін, пасля адкрыцця – чатыры хвіліны!). Пятым героем пасяджэння па праву стаў наш зямляк Зыгмунт Мінейка.
Чытачы мажліва зададуцца пытаннем: чаму менавіта навукова-тэхнічная бібліятэка зацікавілася асобай гэтага неардынарнага няўрымслівага чалавека? А адказ на паверхні – ён інжынер. Аднак гэта не адна заслуга Мінейкі, бо ён і кіраўнік аднаго з атрадаў у час паўстання 1861-1863 гадоў, праектант і будаўнік першай чыгункі ў Балгарыі, і археолаг (раскапаў храм Зеўса ў Дадоне), і складальнік этналагічнай карты Эпіра – адной з абласцей цэнтральнай Грэцыі, праектант і будаўнік галоўнага спартыўнага аб’екта падчас Першых Алімпійскіх гульняў – стадыёна ў Афінах , рэпарцёр з месца правядзення гэтых спаборніцтваў.
Розуму не паддаецца, як у той час эмігрант-ліцвін мог знайсці прызнанне на чужой зямлі! За дасягненні ў вобласці археалогіі, шматлікія тапаграфічныя работы грэчаскі парламент прысвоіў Мінейку тытул ганаровага грамадзяніна краіны. Наш зямляк мужна змагаўся за незалежнасць Грэцыі ў войнах супраць Турцыі, за што быў узнагароджаны Залатым крыжам – самай высокай воінскай узнагародай Грэцыі.
Хіба можна не ганарыцца такім чалавекам! “А ён і сапраўды наш гонар, наш слаўны беларускі граф Монтэ- Крыста, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна. – На Ашмяншчыне значная інфармацыя аб ім сабрана ў краязнаўчым музеі. Шмат аб ім раскажуць і ў народным музеі імя Эдуарда Корзуна ў Гальшанах. Звесткі аб Зыгмунце Мінейку змешчаны ў кнізе-хроніцы “Памяць”, у кнізе “Гальшаны”. Падчас міжнародных Гальшанскіх навуковых чытанняў вучні школ раёна не раз выступалі з навуковымі дакладамі, прысвечанымі жыццю і дзейнасці нашага земляка. Матэрыялы аб ім прэзентаваліся падчас правядзення ў Нацыянальнай бібліятэцы праекта “Скарбы роднага краю”, які распачаў Ашмянскі раён. Нават беларускі драматург Аляксей Дудараў, наведаўшы не так даўно Ашмяны, зацікавіўся яго асобай. І мы можам спадзявацца, што з-пад яго пяра мажліва выйдзе твор аб знакамітым беларусе. Яго імем у 2008 годзе названа адна з вуліц Паўднёвага мікрараёна Ашмян.”
Журналіст Барыс Герстэн зняў цыкл тэлевізійных дакументальных нарысаў пад назвай “Спорт,спорт, спорт…”, прысвечаных беларусам, якія мелі дачыненне да алімпійскага руху. Адзін са сваіх фільмаў ён прысвяціў Зыгмунту Мінейку і назваў яго “Наш след у Грэцыі”. Калі вам трапіць на вочы гэты фільм, не прапусціце магчымасці яго паглядзець. Нават калі вам была абыякава гэта асоба, вы абавязкова пасля прагляду зменіце сваё меркаванне, вас перапоўніць гонар за гэтага чалавека. Здымкі фільма праходзілі, дарэчы, у Ашмянскім раёне.
Цікавае паведамленне падрыхтавала навуковы супрацоўнік літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча Марына Запартыка пра кнігу ўспамінаў Мінейкі “З Сібіры пад Акропаль”. Гэта кніга была выдадзена на польскай мове. Зараз яна рыхтуецца да перакладу на беларускую мову. Выданне дазволіць не толькі папоўніць звесткі аб жыцці нашага земляка, але і дасць магчымасць пазнаёміцца з ім больш шырокаму колу чытачоў.
Аб ушанаванні імя Зыгмунта Мінейкі ў Грэцыі расказаў старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання грэкаў “Пелапанес” Рафаэль Мікалаевіч Дзельянідзі. У сваім выступленні ён назваў прозвішчы грэкаў, якія зараз жывуць у Беларусі і актыўна праяўляюць сябе ў розных галінах: эканоміцы, культуры, спорце, навуцы, медыцыне. Рафаэль Мікалаевіч паабяцаў аказаць садзейнічанне ва ўстаноўцы на вуліцы Мінейкі ў Ашмянах мемарыяльнай дошкі ў знак памяці аб нашым земляку. Гэту прапанову ўнесла Валянціна Міхайлаўна. Не губляе яна таксама надзеі, што калісьці наш край наведае унук Мінейкі Георгіас Папандрэу – прэм’ер-міністр Грэцыі , каб пазнаёміцца з радзімай свайго слаўнага продка.
Сустрэча ў навуковым кафэ завяршылася знаёмствам з выставай, на якой былі змешчаны матэрыялы і кнігі, звязаныя з імем Мінейкі. Дзве кнігі падаравала бібліятэцы Валянціна Лузіна. На адной з іх, “Падарожжа па Ашмянскаму краю”, мне хацелася б крыху спыніцца. Перш за ўсе таму, што яе аўтара, дырэктара мясакамбіната Тамару Філіповіч, не раз успаміналі на мерапрыемстве, успаміналі як кіраўніка вядомага на ўсю краіну прадпрыемства, сапраўднага патрыёта беларускай зямлі (нягледзячы на тое, што нарадзілася яна ва Украіне), неабыякавага чалавека, фотамайстра. Яе выданне часткова нагадвае сучасны варыянт “Павета Ашмянскага” Чэслава Янкоўскага, бо аўтар наведала многія мясціны былога Ашмянскага павета і да пісьмовага тэксту дадала яшчэ сваё бачанне нашай зямлі – праз аб’ектыў фотаапарата.